М.Коктыш і "Народная Воля" судзяцца са Службай бяспекі прэзідэнта

Рэдакцыя газеты «Народная Воля» і намесніца галоўнага рэдактара Марына Коктыш падалі ў суд на Палату прадстаўнікоў і Службу бяспекі прэзідэнта. Яны вінавацяць гэтыя структуры ў парушэнні Закону "Аб друку". Нагодай для судовага пазову стала адмова акрэдытаваць М.Коктыш у Палаце прадстаўнікоў. Яшчэ ўвосень журналістка звярнулася ва ўстаноўленым парадку з просьбай акрэдытацыі. Ёй адмовілі спярша вусна, а потым і пісьмова. Пры гэтым спаслаліся на забарону з боку Службы бяспекі прэзідэнта.

М.Коктыш кажа, што ёй было вельмі дзіўна атрымаць такі адказ з Палаты прадстаўнікоў. Але ў другім лісце, які даслаў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па сродках масавай інфармацыі, правах чалавека і нацыянальных адносінах Кулакоўскі, напісана, што арганізацыю прапускнога рэжыму на тэрыторыю адміністрацыйнага комплексу Савецкая, 11 (да якога адносіцца і Дом урада) ажыццяўляе менавіта Служба бяспекі.

Рэдакцыя "Народнай Волі" звярнулася па тлумачэнні ў Службу бяспекі, але на працягу двух месяцаў так і не атрымалі ніякага адказу. Толькі пасля гэтага журналісты падалі заяву ў суд.

М.Коктыш упэўненая, што судовы працэс у кожным разе дазволіць узняць вельмі балючыя праблемы галоснасці:

Коктыш: Нават калі зараз Служба бяспекі схопіцца за галаву і яе кіраўнік адкажа нам, адкажа на ліст галоўнага рэдактара і патлумачыць, чаму мне забаронена знаходзіцца ў Доме ўраду, мы будзем лічыць і гэта нашай перамогай.