МНС: Усю піратэхніку забараняць не будзем

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях забараняе не ўсю піратэхніку. На навагоднія святы можна будзе запускаць салюты ды розныя феерверкі. Забарона датычыцца толькі петардаў, якія запальваюцца аб каробку запалак. Пра гэта распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі.
Навіцкі: "Гаворка ідзе толькі пра забарону тых петардаў, запуск якіх адбываецца з рукі. Каб было зразумела, тыя, якія аб карабок трэба запальваць. Там сера запальваецца, і потым адбываецца выбух. Толькі пра іх, а не пра астатнія піратэхнічныя сродкі".

Разнастайныя салюты, ракетніцы, бенгальскія агні і хлапушкі — дазволеныя. Яны не ўяўляюць такой небяспекі, бо маюць інструкцыю, ды кнот (фітыль), які дае запас часу, і ўзлятаюць з зямлі, а не з рук.

Таму, калі правільна ўсё рабіць па інструкцыі, то яны даволі бяспечныя, кажа Віталь Навіцкі.