"Модаўскі" альбом The Who стане мюзіклам

Тэатр брытанскага горада Плімут паставіць мюзікл на аснове альбома рок-гурта The Who "Quadrophenia", паведамляе ClashMusic. Рэжысёрам пастаноўкі стане Том Крытчлі (Tom Critchley). Прэм'ера мюзіклу прызначаная на 9 траўня ў Theatre Royal. Гітарыст і аўтар песень The Who Піт Таўнсенд заявіў, што з нецярпеннем чакае гэтай пастаноўкі. "Выпрабавальныя рэпетыцыі ў Кардыфу былі проста выдатнымі", - сказаў Таўнсенд.

Выпушчаная ў 1973 годзе падвойная плыта "Quadrophenia" была з захапленнем прынятая як крытыкамі, так і слухачамі і заняла другое месца ў хіт-парадах Billboard і UK Chart. Альбом, прысвечаны гісторыі захопленага рухам "модаў" падлетка Джымі Купера, стаў наступнай канцэптуальнай працай гурта пасля "Tommy" (1969).

У 1979 годзе рэжысёр Фрэнк Родэм экранізаваў "Quadrophenia". Ролю аднаго з "модаў" у фільме выканаў Стынг. Фільм здабыў велізарную папулярнасць у моладзевым асяроддзі і спрыяў адраджэнню руху "модаў" напачатку 1980-х гадоў.


Фота: www.gigwise.com