Motorhead вяртаюцца на сцэну

Ветэраны брытанскага хард-н-хэві Motorhead збіраюцца вярнуцца да актыўнай гастрольнай дзейнасці пасля невялікага перапынку. Нагадаю, што калектыў часова спыніў сваю дзейнасць з-за праблем са здароўем франтмэна калектыву Лемі Кілмістэра. Нядаўна 62-гадовы музыка трапіў у шпіталь з дыягназам “знясільванне арганізму”.

Згодна з заявай мэнеджменту Motorhead, сёлета ўвосень гурт плануе праехацца па Вялікабрытаніі, а затым і па кантынентальнай Еўропе.

Турнэ пачнецца 3 лістапада ў Волверхэмптане і працягнецца аж да канца месяца. Гэтыя гастролі будуць праводзіцца ў падтрымку будучага новага рэлізу рокераў, паслядоўніка “Kiss of Death”, які з'явіўся ў 2006-м годзе.

Як стала вядома, у пачатку сакавіка гэтага года Лемі і яго каманда распачалі студыйную працу над новым дыскам, у запісу якога таксама прымае ўдзел Дэйв Грол з Foo Fighters.

На жаль, дата выхаду альбома пакуль не паведамляецца.

Фота: www.mystic.pl