Motorhead выдаюць “Motorizer”

Брытанскі гурт Motorhead выпусціць новы альбом “Motorizer” 26 жніўня ў ЗША, 29 жніўня ў Нямеччыне і 1 верасня ў астатніх краінах Еўропы, інфармуе InterMedia. На дыск трапіла 11 трэкаў, уключаючы “(Teach You How To) Sing The Blues”, “When The Eagle Screams”, “Runaround Man”, “Back On The Chain” і інш.

Запіс праходзіў у Лос-Анжэлесе ў студыі вакаліста гурта Foo Fighters Дэйва Грола Studio 606. Прадзюсерам выступіў Камэран Уэб, які працаваў над мінулым альбомам Motorhead.

Апроч новага дыска, прыхільнікі Motorhead чакаюць выхаду дакументальнага фільма “Lemmy”, прысвечанага 62-гадоваму вакалісту каманды Лэмі Кілмістэру. Карціну, якая з'явіцца ў наступным годзе, здымае Грэг Олівер.

У стужцы будуць шматлікія кадры з асабістага жыцця рок-выканаўца. У фільме таксама з'явяцца Слэш з Velvet Revolver, Дэйв Грол з Foo Fighters, Мік Джонс з Clash, Эліс Купер, Стыў Вай і інш.

Гурт Motorhead быў заснаваны ў Лондане ў 1975 годзе. Дэбютны альбом “Motorhead2 выйшаў у 1977 годзе. З тых часоў рок-калектыў запісаў яшчэ 26 дыскаў, апошні з якіх (“Kiss Of Death”) з'явіўся ў 2006 годзе.

Фота: www.mystic.pl