Літва зноў заявіла, што не вядзе з ЗША тайных перамоваў у справе СРА

Літва ў чарговы раз заявіла, што не вядзе тайных перамоваў з ЗША ў справе размяшчэння на літоўскай тэрыторыі сістэмы амерыканскай супрацьракетнай абароны (СРА). Сёння прадстаўнік літоўскага МЗС Віалета Гайжаўскайтэ, выступаючы па дзяржаўным радыё, абвергла інфармацыю пра перамовы.
Нагадаем, пра магчымасць перамоваў паміж ЗША і Літвой заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў. Ён спасылаўся на неафіцыйную інфармацыю амерыканскіх калегаў, бо афіцыйнага адказу ў гэтай справе МЗС Расіі ад ЗША так і не атрымаў.

Падобная інфармацыя з'яўлялася і на мінулым тыдні. Паведамлялася, што амерыканцы, якія вядуць цяжкія перамовы з польскім кіраўніцтвам пра размяшчэнне на тэрыторыі Польшчы сістэмы СРА, вырашылі займець і "запасны варыянт" - Літву.

Прадстаўнік літоўскага МЗС сёння выказала спадзяванне, што перамовы ЗША з Польшчай закончацца паспяхова, інфармуе РИА "Новости".