МУС пазбавілі права прызначаць рэвізіі фінансава-гаспадарчай дзейнасці

МУС Беларусі пазбавілі права прызначаць рэвізіі фінансава-гаспадарчай дзейнасці суб'ектаў гаспадарання.

Адпаведныя змены ў правах міліцыі прадугледжаны Законам , які ўступае ў сілу на гэтым тыдні.

Трэба адзначыць, што права міліцыі па сваім меркаванні прызначаць рэвізіі фінансава-гаспадарчай дзейнасці суб'ектаў гаспадарання ўжо даўно і на розных узроўнях падвяргалася крытыцы. Гэта давала міліцыянерам магчымасць без дастатковых на тое падстаў прыціснуць любы бізнэс і на гэтым будаваць сваю фінансавую будучыню. Па сутнасці, механізм уяўляў сабой выдатную глебу для росту карупцыі і вельмі сур'ёзна пагаршаў умовы гаспадарання ў Беларусі, распавядае "Ежедневник".

Акрамя таго, паводле прынятых зменаў, на міліцыю з гэтага часу ўскладаецца "арганізацыя выканання і адбывання пакаранняў у выглядзе грамадскіх прац, выпраўленчых прац, абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, выкананне пакарання ў выглядзе пазбаўлення права займаць вызначаныя пасады ці займацца вызначанай дзейнасцю". Раней гэтыя задачы выконвалі ўстановы крымінальна-выканаўчай сістэмы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС.

Яшчэ адным новым абавязкам для міліцыі будзе з'яўляцца "вызначэнне асоб, якія павінны быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці". Нагадаем, што да гэтага ў абавязках міліцыі было ўказана адшукванне асоб, якія здзейснілі адміністрацыйныя правапарушэнні, і асоб, што хаваюцца ад органаў, якія вядуць адміністрацыйны працэс.