Muse атрымалі тры прэміі часопіса New Musical Express

Брытанскі рок-гурт Muse атрымаў тры прэміі Shockwaves NME Awards, якія ўручаюцца аўтарытэтным музычным часопісам New Musical Express, паведамляе BBC News. Цырымонія ўручэння ўзнагарод адбылася 25 лютага ў Лондане. Вакаліст і гітарыст Muse Мэт Бэламі перамог у намінацыі "Самы сэксуальны спявак"; сама каманда таксама была прызнаная пераможцам у намінацыях "Лепшы канцэртны гурт" – другі год запар – і "Лепшае афармленне альбома" (за альбом "HAARP").

Гурт Oasis, намінаваны ў васьмі катэгорыях, атрымаў перамогу толькі ў адной – "Лепшы брытанскі гурт". Лепшай замежнай камандай былі прызнаныя амерыканцы The Killers. Уладальнікам прыза за лепшы альбом стаў амерыканскі рок-гурт Kings of Leon з альбомам "Only By The Night".

У намінацыі "Лепшае канцэртнае мерапрыемства" перамог музычны фэст "Гластанбэры", а лепшай канцэртнай залай быў прызнаны London Astoria.

Што датычыцца "антыпрэмій", то амерыканскі поп-гурт Jonas Brothers быў першым адразу ў двух намінацыях – "Горшы гурт" і "Горшы альбом". Былы прэзідэнт ЗША Джордж Буш у шосты раз запар быў прызнаны злыднем года.

Фота: www.muslib.ru