Mustelide прэзентуе дэбютны кліп на сінгл "Salut"

Mustelide прэзентуе дэбютны кліп на сінгл "Salut"

Праект Mustelide, аўтаркай і вакалісткай якога з'яўляецца Наталля Куніцкая прэзентуе дэбютнае відэа на мінулагодні сінгл "Salut". Як паведамляе сайт wonderzine.com, галоўныя ролі ў ім выканалі прадзюсар Рона Суары і мастак-ілюстратар Алег Герт, а рэжысёрам выступіў Кірыл Новікаў, для якога гэта быў першы досвед здымкі музычнага відэа. Сюжэт кліпа заснаваны на тэксце песні — гэта гісторыя пра дзяўчыну і хлопца, якія, па словах Новікава, знаходзяцца "кожны ў сваім свеце, ці то ў сне, ці то наяве, спрабуючы знайсці адзін аднаго, яны праходзяць кіламетры, дні і гады".

Відэа выпушчанае ў падтрымку будучага альбома "SPI", рэліз якога намечаны на 22 красавіка на расійскім лэйбле Soyuz Music. Як распавяла Наталля Еўрарадыё, пласцінка будзе моцна адрознівацца ад яе дэбютнай працы "Secret" у плане гуку і трэк "Salut" на ёй стане "самым нармальным":

"Гэты трэк па гучанні будзе самым нармальным, таму што ў альбоме гэтым разам будзе вельмі шмат эксперыментаў і зменіцца гук — я выкарыстоўваю некалькі іншы інструментарый. Але ў цэлым па настроі застанецца нешта падобнае да таго, што было ў першай працы, таму што я ўсё гэтак жа перадаю свой унутраны свет".

Па словах Наталлі, на новым альбоме фэны пачуюць шмат незвычайных сэмплаў, якія яна знайшла на старых запісах. Сярод іх — малітва на шведскай мове, якую чытае сябра музыкі, і якая акурат гучыць у кампазіцыі "Salut".

""Salut" сапраўды з іншай рэальнасці — там свае персанажы і сваё жыццё, — распавядае Наталля. — Я часта сутыкаюся з гэтай рэальнасцю ў сне, знаёмлюся з кімсьці ці чымсьці, існуючымі толькі там. Гэта можа быць чалавек, якога ніколі не сустракала ў рэальным жыцці, але там ён існуе, у яго ёсць пачуцці і і індывідуальнасць. І гэтыя персанажы могуць стаць табе вельмі блізкімі, так, што калі прачынаешся, пачынаеш па іх сумаваць і тужыць. Аднойчы, прачнуўшыся пасля чарговай такой сустрэчы, я напісала "Salut"".