Музей гурта ABBA адправіцца ў сусветнае турнэ

Музей швецкай поп-каманды ABBA адправіцца ў сусветнае турнэ ў 2009 годзе. Аб гэтым паведамляе Gigwise. Сярод экспанатаў выставы - асабістыя рэчы і сцэнічныя касцюмы ўдзельнікаў гурта Б'ёрна Ўльвеўса, Бэні Андэрсана, Агнеты Фэльтскуг і Ані-Фрыд Люнгстад, а таксама музычныя інструменты, на якіх чальцы квартэта гралі падчас сваіх выступаў.

Музей плануецца адкрыць у Стакгольме. Увазе наведвальнікаў будуць прадстаўленыя не толькі рэчы музыкаў, але і аўдыё- і відэазапісы ABBA. Аднак арганізатары выставы пакуль не знайшлі прыдатнага будынка, у якім будзе размешчаны музей. Таксама не зацверджаная і дакладная дата адкрыцця экспазіцыі.

Рашэнне аб арганізацыі сусветнага турнэ музея было прынята ў сувязі з поспехам фільма "Mamma Mia!", вытворчасцю якога займалася каманда спецыялістаў з ЗША і Вялікабрытаніі. Фільм, які стаў самым касавым за ўсю гісторыю брытанскага кінематографа, з'яўляецца экранізацыяй аднайменнага мюзіклу, заснаванага на песнях ABBA.

У якасці музычнага суправаджэння да фільма былі абраныя 24 кампазіцыі ABBA. Тым не менш, у кружэлку з запісам саўндтрэка да "Mamma Mia!" былі ўключаныя толькі 18 песень. Па стане на снежань 2008 года, па ўсім свеце было прададзена больш за чатыры мільёны копій саўндтрэка да карціны.

Квартэт ABBA быў заснаваны ў 1970 годзе і праіснаваў да 1982 года. Першы альбом гурта - "Ring Ring" - выйшаў у 1973 годзе. У 2005 годзе была выдадзена кружэлка "ABBA The Complete Studio Recordings". У адмысловае выданне ўвайшлі дзевяць студыйных альбомаў ABBA, а таксама дзве DVD-кружэлкі з запісамі канцэртаў гурта.

Фота: www.novoskop.ru