Мужчына ўцякаў ад міліцыі па дахах тралейбусаў (відэа)

Здарэнне адбылося ўвечары 3 траўня ў Мінску, непадалёк ад станцыі метро “Каменная горка”. Мінакі патэлефанавалі на лінію 102 і распавялі, што нейкі мужчына неадэкватна паводзіцца: чапляецца да людзей, кідаецца пад машыны, замінае руху грамадскага транспарту.



На месца прыбыў нарад міліцыі і паспрабаваў затрымаць хулігана, аднак той кінуўся ўцякаць па дахах тралейбусаў. Ішоў дождж, тралейбусы рухаліся, а ён чапляўся за токапрымальнікі. Мужчыну магло ўдарыць токам і ўрэшце ён мог проста зваліцца з даху тралейбуса, аднак нічога гэтага не адбылося.


Урэшце ўцекача затрымалі, праўда, перад гэтым ён яшчэ і разбіў шкло ў аўтобусе. У Фрунзенскім РАУСе, куды яго даставілі, мужчына сказаў, што прыняў наркотык і таму не памятае, што з ім адбывалася. Міліцыя зладзіць па гэтым факце праверку, а пакуль затрыманага адпусцілі дадому.


Хутчэй за ўсё, яго чакаюць прэтэнзіі з боку “Мінсктранса” за выбітае аўтобуснае шкло, інфармуе БЕЛТА.