МВФ лічыць падвышэнне мінімальнага заробку ў Беларусі беспадстаўным

Падвышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду і вызначэнне мінімальнага заробку ў памеры 400 тысяч рублёў не пакінулі абыякавымі прадстаўнікоў МВФ, паведамляе Радыё Свабода. Прадстаўнік Фонду ў Беларусі Наталля Калядзіна заявіла ў інтэрв’ю Reuters, што не арганізацыя не бачыць эканамічных падставаў для значнага росту заробкаў. Цяперашняе падвышэнне з’яўляецца найбольш значным за апошнія гады і, як раней ацэньвалі ўлады, патрабуе дадаткова каля 7 трыльёнаў рублёў. Эксперт МВФ адзначае, што рост заробкаў прывядзе да росту ўнутранага попыту. Беларусы таксама будуць болей набываць імпартных тавараў і паслугаў. Такім чынам пашырыцца дэфіцыт бюджэту і зменіцца структура яго выдаткаў. Ураду давядзецца шукаць крыніцы яго папаўнення і гэта запаволіць зніжэнне падатковай нагрузкі.  

У лістападзе ў Беларусь прыедзе чарговая місія МВФ. Беларускія ўлады са студзеня 2009 года па красавік 2010 года рэалізуюць праграму МВФ stand-by па стабілізацыі плацёжнага балансу. У рамках гэтай праграмы МВФ выдаў Беларусі крэдыт на 3,5 мільярда долараў.