“Мы толькі расіян будзем прымаць. У нас ёсць план па экспарце паслуг”

Падчас навагодніх святкаванняў нашыя санаторыі збіраюцца зарабіць на больш заможных суседзях. Беларусам прапануюць баракі з адным туалетам на 25 чалавек. Астатнія нумары ўжо занятыя. “Хачу вас расчараваць, але ў нас усё зарэзервавана, на жаль", — кажа супрацоўнік санаторыя “Лясное Возера”. Прыкладна такі ж адказ мы пачулі ў большасці іншых баз адпачынку.

Да Новага года застаецца больш як паўтара месяца, але ў санаторыях ды на базах адпачынку месцы на свята амаль занятыя. Праўда, некаторыя засталіся, але не самыя лепшыя, мякка кажучы.

“Шматмесныя без рамонту, то бок 1964-га года пабудовы аднапавярховыя баракі, падзеленыя на пакоі. У пакоі 4-5 чалавек і, адпаведна, адна прыбіральня на 25 чалавек. Такіх ёсць яшчэ дзесьці да 100 месцаў”, — супакойвае супрацоўніца агенцтва “Хэпі Тур”, якая займаецца арганізацыяй адпачынку у Беларусі.

Кошты пуцёвак вагаюцца ад 45 да 105 тысяч рублёў у суткі за месца ў двухмесным пакоі, плюс харчаванне. За навагодні банкет трэба будзе плаціць асобна (ад 120 да 240 тысяч). Асобна таксама давядзецца выкласці грошы за санкі, лыжы і іншыя зімовыя радасці.

У некаторых агенцтвах яшчэ можна знайсці адзінкавыя навагоднія туры ў беларускія санаторыі з прапановаю “ўсё ўключана”. Тры дні такога адпачынку каштуе ў сярэднім ад 440 да 700 тысяч рублёў.

“На чалавека база адпачынку "Орша" з двухмесным пакоем, з банкетам будзе каштаваць 657 тысяч”, — прапануе супрацоўніца турагенцтва “Хэпі Тур”.

Дзіўная з’ява. На вуліцы крызіс, а месцы адпачынку, нават самыя дарагія, разабралі. Дык, значыць, крызіс беларусаў не турбуе? Не факт. Аказваецца, большасць месцаў у беларускіх санаторыях разабралі расіяне. У прынцыпе, гэта не навіна — летась была такая самая сітуацыя, але, як высвятляецца, суадносіны беларусаў і рускіх на турбазах змяніліся.
 
“Вы ведаеце, у мінулым годзе мы бралі меншую колькасць месцаў. У нас было 30% беларусаў і 70% расіян. У гэтым годзе на 10 чалавек заявак ад расіян у нас забраніраваліся 2 беларусы — прыблізна такія суадносіны”, — кажуць Еўрарадыё у “Хэпі Тур”.

Больш за тое, некаторыя беларускія санаторыі не жадаюць прымаць беларусаў. Маўляў — трэба падымаць паказчыкі экспарту паслугаў. Такі адказ мы атрымалі ў аздараўленчым комплексе “Сасновы Бор”.

“Ну, увогуле мы расіян будзем прымаць толькі. У нас ёсць такі паказчык, як план па экспарце паслуг. Мы яго павінны выканаць, а экспарт паслугаў — гэта замежная валюта”.

Супрацоўнік “Ляснога возера” такую цікаўнасць да расіян тлумачыць вельмі проста:

“Беларусы не могуць сабе гэтага дазволіць, большасць лічыць, што дорага. У нас дзесьці 80% расіян”.

Нават тыя санаторыі, якія адкрыта не кажуць, што іх асноўная мэтавая група — рускія, ствараюць варункі адпачынку менавіта пад нашых усходніх суседзяў. Вядома, што у Расіі навагоднія вакацыі цягнуцца амаль два тыдні — сёлета яны пачнуцца напрыканцы снежня і закончацца толькі пасля 10-га студзеня.

Менавіта на гэтых турыстаў і разлічваюць базы адпачынку, якія прапануюць праграмы на 12 і болей дзён.

“Два-тры дні?! Мы не, мы так не прадаем, гэта у нас навагодні тур з 25 снежня па 7-га студзеня. Гэта з харчаваннем, лячэннем і пражываннем”, — распавяла супрацоўніца базы адпачынку “Нарач”.