Мытнікі не бачаць крыміналу ў “шэрых” схемах аўтадылераў

Мытнікі не бачаць нічога супрацьзаконнага ў “шэрых” схемах аўтадылераў. Пра гэта заявіў супрацоўнік Мытнага камітэта Андрэй Міхалькевіч. Міхалькевіч: “Калі грамадзянін набывае і завозіць гэтую машыну для сябе, то з чым тут змагацца? Бізнэс павінен перабудоўваць сваю дзейнасць, але законна перабудоўваць яго, а не карыстацца сумнеўнымі “шэрымі” схемамі. Якія, безумоўна, потым абсалютна непрыемнымі рэчамі “вылазяць”.

Гаворка ідзе пра сітуацыю, калі чалавек выбірае ў аўтасалоне машыну, робіць на яе замову і яму прыганяюць абраную мадэль з-за мяжы. Але "растамажвае" аўтамабіль не дылер па коштах "растаможкі" для юрыдычных асоб, а сам будучы аўтаўладальнік як фізічная асоба. У такім выпадку кошт аўтамабіля атрымліваецца на некалькі парадкаў меншы.

Але начальнік упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Эдуард Нікіцін не пагадзіўся з такім меркаваннем мытнікаў. І папярэдзіў, што за “шэрымі” схемамі аўтадылераў уважліва сочаць праваахоўныя органы.

Нікіцін: “Ёсць вяртанне да гэтай старой схемы ў сувязі з розніцай мытных пошлінаў для юрыдычных і фізічных асоб. І зараз мы гэтым пытаннем займаемся”.

І расказаў, што зараз супрацоўнікі МУС “прапрацоўваюць” аднаго з айчынных аўтадылераў, які такім “незаконным”, на думку міліцыянтаў, чынам пастаўляе ў Беларусь аўтобусы. Па словах Нікіціна, у хуткім часе разам з падатковай інспекцыяй і мытнікамі яны дадуць “прававую ацэнку гэтым супрацьзаконным дзеянням дылера”.