МЗС не мае інфармацыі, ці ёсць у Тунісе беларускія турысты

Пра гэта сёння паведамілі БелаПАН у прыёмнай МЗС.

Цяпер замежныя турысты, сярод якіх шмат расіянаў, спрабуюць як найхутчэй пакінуць краіну. 14 студзеня, пасля ўвядзення ў Тунісе надзвычайнага становішча, паветраная прастора гэтай краіны была закрытая, але ўжо на наступны дзень найбуйнейшыя туніскія аэрапорты сталі працаваць у штатным рэжыме.

Паводле супрацоўнікаў амбасады Расіі ў Тунісе, ніхто з беларусаў не звяртаўся да іх па дапамогу. У выпадку неабходнасці расійская дыпмісія можа дапамагчы беларускім турыстам, бо паміж Беларуссю і Расіяй існуе адпаведная дамоўленасць. Як адзначаюць у мінскіх турыстычных кампаніях, беларусы аддаюць перавагу адпачынку ў Тунісе летам. Узімку яны туды практычна не ездзяць цераз дажджы і халаднаватую ваду.