МЗС Расіі не хоча ўжываць назву "Беларусь"

На сайце Міністэрства замежных справаў Расіі нашая краіна па-ранейшаму называецца "Белоруссия". І гэта прынцыповая пазіцыя расійскага замежнапалітычнага ведамства. У каментарах расійскім СМІ чыноўнікі МЗС Расіі заявілі, што ў іх краіне правільна ўжываць назву "Белоруссия": маўляў, мы кіруемся правіламі рускай мовы.

Нагадаем, што на днях расійскі прэзідэнт Дзмітры Мядзведзеў заявіў, што настойвае на тым, каб нашу краіну звалі Беларусь, а не "Белоруссия". Аднак міністэрства замежных спраў не толькі дэманстратыўна праігнаравала словы кіраўніка дзяржавы, але і дэ-факта абвінаваціла яго ў няведанні правілаў рускай мовы, канстатуе "Салідарнасць".

Дарэчы, на аб'яднанай калегіі міністэрстваў юстыцыі Беларусі і Расіі таксама ўздымалася гэтая тэма. "У працы чыноўнікаў, у афіцыйных дакументах недапушчальна ўжыванне неафіцыйнай назвы Рэспублікі Беларусь", — заявіў расійскі міністр Аляксандр Канавалаў і дадаў, што яго ведамства будзе сачыць за захаваннем гэтага правіла.