МЗС Украіны прапанавала Парашэнку адклікаць пасла ў Беларусі (відэа)
На месца Міхаіла Ежаля збіраюцца прызначыць патрыёта і прафесіянала.
МЗС Украіны прапануе адклікаць з пасады пасла ў Беларусі Міхаіла Ежаля. Пра гэта ў Вярхоўнай Радзе паведаміла першая намесніца міністра замежных спраў Наталля Галібарэнка. Рашэнне мусіць прыняць прэзідэнт Пётр Парашэнка. У МЗС Украіны абяцаюць, што зацягваць з гэтым не будуць.
Паводле слоў Галібарэнкі, новы ўкраінскі пасол павінен быць патрыётам, прафесіяналам і "найлепшым чынам прадстаўляць інтарэсы Украіны ў Беларусі".
УНІАН адзначае, што 20 сакавіка ў Вярхоўнай Радзе выступіў народны дэпутат ад "Народнага фронту", намеснік старшыні камітэта па замежных справах Ігар Гузь. Ён паведаміў, што звярнуўся да прэзідэнта ў прапановай звольніць Ежаля.
"Гэта менавіта той Ежаль, які быў міністрам абароны пры Януковічу, які разваліў тылавое забеспячэнне ўкраінскай арміі, які рабіў усё магчымае, каб рэжым забойцаў быў і трымаўся", — сказаў Гузь. Ён таксама адзначыў, што Міхаіл Ежаль ужо год прадстаўляе інтарэсы Украіны ў краіне, якая з'яўляецца "ключавым гульцом у геапалітычнай барацьбе супраць рэжыму Пуціна".
Менавіта пасля выступлення дэпутата і адбылося тлумачэнне прадстаўніцы МЗС.

Фота: УНІАН, ria.ru