На адаптацыю да новых правіл беларускай мовы - два гады

З 1 верасня 2008 года ўводзяцца новыя правілы беларускай мовы. Аднак толькі ў 2010 годзе яны стануць абавязковымі для ўжывання ў дакументазвароце, сродках масавай інфармацыі, школах, гімназіях, ПТВ, ВНУ, навуковых і іншых установах.


Нагадаем, што праца па падрыхтоўцы новай рэдакцыі Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі пачалася яшчэ ў 1998 годзе. Вынікам працы стала падпісанне 23 ліпеня бягучага года закона "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі". Гэты дакумент дазволіць забяспечыць стабільнасць нормаў првапісання, пераемнасць пісьмовай практыкі і палегчыць працэс вывучэння беларускай мовы ў школе.

Новыя правілы арфаграфіі і пунктуацыі беларускай мовы будуць уводзіцца паступова. Плануецца, што ўжо на жнівеньскіх педагагічных канферэнцыях філолагі атрымаюць неабходную інфармацыю. Але ў любым выпадку, як у школе, так і вышэйшых вучэбных установах, ад навучэнцаў і студэнтаў ніхто не будзе патрабаваць 1 верасня 2008 года выкарыстання толькі новых правіл. Да 2010 году дапускаецца выкарыстанне і таго і іншага варыянтаў.

БЕЛТА