На алімпійскага чэмпіёна Андрэя Арамнава пачалі крымінальную справу

Барысаўская міжгарнізонная вайсковая пракуратура пачала крымінальную справу на вайскоўца ўнутраных войскаў МУС, алімпійскага чэмпіёна Андрэя Арамнава. Як паведамляе БелаПАН, цяжкаатлета падазраюць у злачынстве, прадугледжаным ч. 2 арт. 317-1 Крымінальнага кодэкса (кіраванне транспартным сродкам асобай у стане алкагольнага ап'янення, перадача кіравання транспартным сродкам такой асобе альбо адмова ад праходжання праверкі (агляду)).

Нагадаем, спартоўца двойчы на працягу трох месяцаў затрымоўвалі супрацоўнікі ДАІ ў Барысаве за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане — у снежні 2008 года і ў лютым 2009 года. 13 сакавіка па выніках пашыранага паседжання прэзідыўма Беларускага цяжкаатлетычнага саюза Андрэй Арамнаў быў дыскваліфікаваны на два гады ўмоўна і пазбаўлены прэзідэнцкай стыпендыі.

Паводле закону алімпійцу пагражае штраф, або папраўчыя працы на тэрмін да двух гадоў, або арышт на тэрмін да шасці месяцаў.