На барацьбу са “свіным грыпам” кінулі студэнтаў-медыкаў

Працуюць яны бясплатна і сцвярджаюць, што паліклінікі не здольныя вызначыць вірус “свінога грыпу”. Як стала вядома Еўрарадыё, усіх студэнтаў 6 курса медуніверсітэта і інтэрнаў з-за недахопу медработнікаў знялі з заняткаў і накіравалі працаваць у паліклінікі і ўчастковымі дактарамі. Як патлумачыла інтэрн Наталля, на гэты конт існуе адпаведная пастанова Міністэрства аховы здароўя.

Наталля: “Калі аб’яўляецца эпідэмія грыпу, то паліклінікі Міністэрства аховы здароўя маюць права здымаць усіх інтэрнаў і студэнтаў 6 курса на дапамогу”.

Прычым калі інтэрны за сваю працу атрымліваюць як звычайныя дактары, то студэнты, паводле яе слоў, працуюць бясплатна.

За тыя некалькі дзён, якія будучы доктар паспела папрацаваць у адной з мінскіх паліклінік, яна ўпэўнілася, што сітуацыя больш сур’ёзная, чым пра гэта нам афіцыйна паведамляюць. Былі нават хворыя з сімптомамі “свінога грыпу”.

Наталля:
“Усё больш сур’ёзна, чым нам падаюць з тэлевізара. З інфекцыяй, сімптомы якой прыблізна падобныя на новы грып — А/Н1N1, у мяне было чалавек восем за той час, што я была ў паліклініцы. Зразумела, што ніхто яго не тыпаваў. І паспяхова некалькі чалавек вылечыліся — тры, напэўна, а астатнія працягваюць хварэць”.

Але як высветлілася, такія выпадкі проста нідзе не рэгіструюцца. Больш за тое, паліклінікі не маюць магчымасці дакладна вызначыць, на што хворы чалавек. І яго лечаць як ад звычайнай прастуды.

Наталля: “Гэта не рэгіструецца ў нас. Гэта дарагая працэдура, і ў паліклініцы яе проста не робяць, каб тыпаваць гэты вірус. Ва ўмовах паліклінікі ніхто не можа зрабіць аналізы і сказаць, што ў вас “свіны грып”. Можна зрабіць аналізы і сказаць, што ў вас вірусная інфекцыя. Можна сказаць, што, магчыма, ў вас новы вірус грыпу. Але сказаць канкрэтна, што ў вас “свіны грып”, нельга”.

Згодна з яе словамі, зрабіць усе неабходныя аналізы на “свіны грып” могуць толькі тым, хто ў цяжкім стане ляжыць у шпіталі альбо трапіў у рэанімацыю. Усім жа, хто прыходзіць на прыём у паліклініку, кажуць, што ў іх звычайны ВРЗ. Таму, кажа Наталля, сказаць дакладна, якая сітуацыя ў Беларусі з захворваннем на А/Н1N1, ніхто не можа.

Між тым, як стала вядома Еўрарадыё, толькі за мінулую суботу ў Гарадскі дзіцячы інфекцыйны шпіталь Мінску паклалі каля 150 дзяцей і падлеткаў. Бацькі дзяцей, якія на той час ужо знаходзіліся ў шпіталі, вырашылі, што пачалася эпідэмія “свінога грыпу”. Але галоўны доктар шпіталя Ігар Юркевіч супакоіў, што гэта не больш, чым эпідэмія рэспіраторных захворванняў і звычайнага грыпу.

Ігар Юркевіч: “Усе хворыя шпіталізаваныя з дыягназам “вострая рэспіраторная інфекцыя”. Нават з грыпам хворых было менш, чым з ВРЗ, у значную колькасць разоў. А з высокапатагенным грыпам хворыя ў выходныя не штіпалізаваліся”.

Больш за тое, у тым, што ў шпіталь патрапіла столькі дзяцей за некалькі апошніх дзён, вінаватыя, паводле яго слоў, СМІ.

Ігар Юркевіч:
“Ад гэтага шуму ў СМІ наконт украінскай сітуацыі і расійскай колькасць зваротаў павялічылася. Нават людзі, якія раней сядзелі дома і лячыліся ў паліклініцы, яны ўсе захацелі паехаць у шпіталь. "Хуткая" прыязджае, а маці ўжо сядзяць з чамаданамі і кажуць: “Мы хочам у шпіталь, мы баімся”.

Згодна са словамі галоўнага доктара шпіталя, яны цалкам забяспечаныя ўсімі неабходнымі медыцынскімі прэпаратамі — як для лячэння звычайнай прастуды, так і для лячэння высакапатагеннага грыпу. У камерцыйным цэнтры пры іх установе могуць нават зрабіць прышчэпку для папярэджання “свінога грыпу”.

Ігар Юркевіч:
“500 доз мы атрымалі ў пятніцу дадаткова — індыйская вакцына. Гэта ад сезоннага грыпу, але гэта мера, якая акурат да месца”.

Еўрарадыё паспрабавала даведацца, ці нашмат больш стала выклікаў “хуткай дапамогі” ў апошнія дні. Але намесніца галоўнага доктара Гарадской станцыі хуткай медычнай дапамогі Вольга Шаранава адказваць на гэта пытанне катэгарычна адмовілася. Як і загадчык аператыўным аддзелам “хуткай” Мікалай Стрэльскі.

Мікалай Стрэльскі: “Ніякай інфармацыі я вам даць не магу”.

Каб засцерагчыся ад хваробы, дактары раяць зрабіць прышчэпкі, прымаць лекі для прафілактыкі захворвання; выходзячы з хаты, карыстацца павязкай і як мага менш наведваць грамадскія месцы. Менавіта з гэтай нагоды ў школах краіны канікулы працягнулі на тыдзень. Што, праўда, ніякім чынам не адбілася на графіку правядзення міжнародных дзіцячых спаборніцтваў па хакеі на прызы "Макдональдс", якія зараз праходзяць у Мінску. Нягледзячы на эпідэмію, арганізатары не захацелі іх пераносіць на іншы час.


Таксама глядзі па тэме:

“Ляпісы” перанеслі кіеўскі канцэрт з-за грыпу ва Ўкраіне
Ярмошына: “Заразу разносіць нельга!”
Ад грыпу AH1N1 у Беларусі ніхто не памёр