На Брэстчыне кіроўца абстраляў вокны трох дамоў
Шкода ацэньваецца больш як у 10 мільёнаў рублёў.
У вёсцы Застружжа Іванаўскага раёна Брэстчыны ў міліцыю звярнуліся жыхары трох дамоў. Як піша сайт "Віртуальны Брэст", у ноч на 11 красавіка іх дамы з пнеўматычнай зброі абстраляў невядомы. У выніку былі пашкоджаныя шклопакеты ў дамах на агульную суму больш за 10 мільёнаў рублёў.
Праваахоўнікі затрымалі падазраванага. Ім апынуўся 32-гадовы кіроўца сельскагаспадарчага кааператыва, жыхар вёскі Моталь. Па вокнах мужчына страляў з пнеўматычнага пісталета калібра 4,5 мм расійскай вытворчасці.
Мужчыну затрымалі і змясцілі пад варту ў ізалятар часовага ўтрымання. На яго пачалі крымінальную справу.
Фота — arsenalguns.ru