На Брэстчыне працуе дысідэнт-качагар, як у часы Брэжнева

Апазіцыянер з малога мястэчка, Сяргей Паўлюкевіч, выгнаны з працы з “воўчым білетам” 15 гадоў таму, наракае на несалідарнасць дэмакратычнага асяродку, бо не ён адзін так перабіваецца. Кажа, што гатовы перацярпець еўрапейскія дыпламатычныя манеўры,  абы Беларусь не спасціг аншлюс з Расіяй.
Сяргей Паўлюкевіч – гэта псеўданім. Чалавек пагадзіўся гаварыць на ўмовах ананімнасці, каб не нашкодзіць камусьці і самому дарабіць да канца сезона. Праблемы з апошняй працай (займаўся дробным бізнэсам) пачаліся летась.

Сяргей Паўлюкевіч:
– Пачаў шукаць работу з лета. Але ў горадзе мяне ўсе ведаюць. Сядзеў суткі, плаціў штрафы. Нават знаёмыя, якія працуюць начальнікамі, ведаюць мяне як спецыяліста, баяцца браць. Баяцца самі страціць працу.

Гадоў 15 таму інжынер Паўлюкевіч быў пазбаўлены разам з яшчэ некалькімі  “нелаяльнымі” працы на заводзе. Перабіваўся выпадковымі заробкамі. Аднак стабільна трымаўся за беларускую мову. Заяву на працу качагарам у вясковай школцы таксама напісаў на роднай мове.

Сяргей Паўлюкевіч: –  На работу ўзялі. Дырэктар са мной гаворыць па-беларуску. З заўгасам, стаіць ён побач са мной, па руску, а са мной так. Работа малааплатная, сярод качагараў многа п’яні. Спытаўся быў, ці п’ю, калі гаварылі першы раз. Дык жа не бывае беларускамоўных п’яніцаў, кажу. 

Школка, як і многія вясковыя, лічыцца беларускай.

Сяргей Паўлюкевіч: – Яно так, школка беларуская, але многія настаўнікі гамоняць па-руску. Справаводзтва таксама ўсё рускамоўнае практычна.

Апазіцыянер-качагар даязджае на працу з суседняга горада на аўто, пазычаным у сваякоў. Заўсёды возіць спераду нацыянальны сцяжок. Правы мае запоўненыя на беларускай мове – дабіўся!

Сяргей Паўлюкевіч: – Нічога не баюся. Білі мяне ў падвале па нырках, на вайне быў, дзе стралялі. Адно толькі боязна за Беларусь. За культуру, за мову. Коціцца ўсё кудысь...

Здымак Паўла Грыня