На Брэстчыне зноў паведамленні аб "чупакабры"
На гэты раз невядомы драпежнік з'явіўся ў Драгічынскім раёне.
Як піша газета "Вечерний Брест", пасля выходных жыхарка вёсцы Зёлава выявіла, што нехта задушыў і пагрыз трох яе коз. Яны былі ўжо досыць вялікія — па чатыры месяцы. Таксама яшчэ адзін мясцовы жыхар заявіў пра забойства трох малочных казлянятаў.
Загадчык мясцовай фермы распавядае, што бачыў у ваколіцах вёскі буйнога звера, падобнага да сабакі і ваўка адначасова. У яго цёмная поўсць - "бруднаватая з сівізною".
Жыхары вёскі звярнуліся па дапамогу ў абласную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету. Са словаў спецыялістаў, у Зёлава бліжэйшым часам мусяць прыехаць паляўнічыя, каб на месцы ацаніць сітуацыю.
Нагадаем, што 1 траўня ў Брэсце невядомая жывёла ўчыніла начны пагром у падворку жылога дома. Са словаў гаспадыні, начны госць забіў 21 труса і 3 коткі. Пры гэтым трусоў неапазнаны драпежнік дастаў з клетак на "трэцім паверсе", які знаходзіцца на вышыні двух метраў.
Фота — reifon.ru