На Чырвонай плошчы затрыманыя дзесяць чалавек
Яны адзначалі ўгодкі легендарнай "Дэманстрацыі семярых" у падтрымку Чэхаславакіі, якая прайшла там жа ў 1968 годзе.
Людзі сабраліся недалёка ад Лобнага месца і разгарнулі плакат з надпісам "За вашу і нашу свабоду". Пасля гэтага акцыю спынілі паліцэйскія, якія заявілі, што падобныя мерапрыемствы на Чырвонай плошчы забароненыя. Дэманстранты ў адказ растлумачылі, што не скандуюць лозунгі, а надпіс на плакаце да сучаснай расійскай палітыкі дачынення не мае, аднак паліцыя іх усё адно затрымала.
Па звестках "Эхо Москвы", затрыманыя былі не ўсе ўдзельнікі акцыі. У прыватнасці, не сталі затрымліваць праваабаронцу Наталлю Гарбанеўскую, якая ўдзельнічала яшчэ ў самой дэманстрацыі 1968 года. Агульны лік удзельнікаў акцыі ў паведамленні не прыводзіцца.
Дэманстрацыя, угодкі якой адзначалі затрыманыя, адбылася 25 жніўня 1968 года. Тады восем чалавек выйшлі на Чырвоную плошчу ў знак пратэсту супраць уваходу савецкіх войскаў у Чэхаславакію. Яны разгарнулі плакаты, у тым ліку і з надпісам "За вашу і нашу свабоду". Усе яны былі затрыманы міліцыяй і збітыя ўжо праз некалькі хвілінаў.
Самую маладую ўдзельніцу акцыі астатнія дэманстранты пасля ўгаварылі заявіць, што яна апынулася з імі выпадкова, і яе адпусцілі. Праз гэта ў гісторыю падзея ўвайшла як "Дэманстрацыя семярых".
Фота: polit.ua.