На "Еўрабачанне-2010" ад Беларусі паедзе гурт "3+2"?

Журы нацыянальнага адбору зрабіла стаўку на калектыў, пра стварэнне якога было абвешчана на мінулым тыдні. Пра гэта паведамляе інтэрнэт-газета "Салідарнасць". Нагадаем, што ў Белтэлерадыёкампанію паступіла 40 заявак на ўдзел у нацыянальным адборы на Еўрабачанне, у тым ліку ад выканаўцаў з Расіі, Польшчы, Чэхіі, Ірландыі, Іспаніі, Ісландыі і Аўстраліі. Мноства беларускіх артыстаў сёлета адбор на "Еўрабачанне" праігнаравалі.

Назву гурта "3+2" дагэтуль мала хто чуў. У асноўным гэта прыхільнікі праграмы "Музычны суд", якая выходзіць на канале АНТ. Менавіта ў рамках гэтага праекту і з'явілася на свет "3+2".

Салісты гурта – Алена і Нінэль Карповіч, Юлія Шышко, Арцём Міхаленка і Егіязар Фарашан – удзельнікі праекту "Новыя галасы Беларусі", які АНТ актыўна раскручваў летась.

Афіцыйна пра адпраўку ў Осла гурта "3+2" пакуль не абвешчана. Аднак штотыднёвік "Антенна" ўжо паведаміў, што на "Еўрабачанне-2010" ад Беларусі паедзе гэты калектыў з песняй Far Away, напісанай Леанідам Шырыным і Юрыем Вашчуком.