На фэсце феерверкаў "Навальніца-2009" перамаглі літоўцы

Пераможцамі міжнароднага фэсту феерверкаў "Навальніца-2009", які прайшоў у горналыжным комплексе "Лагойск", сталі літоўцы. Як паведамляе БЕЛТА, гран-пры фэсту атрымала літоўская каманда "Blikas", якая раней станавілася пераможцам аналагічнага фэсту ў Эстоніі і прызёрам фэстаў у Нямеччыне, Харватыі ды Латвіі. Срэбра заваявала чэшская каманда "Minergis", якая з'яўляецца чэмпіёнам Еўропы па версіі EUFIAS, а таксама прызёрам фэстаў у Харватыі, Расіі ды Польшчы. Трэцяе месца дасталася французскай камандзе "Le Fir" — прызёру некалькіх фэстаў у сваёй краіне.

Прызёрамі фэсту сталі таксама нямецкая каманда "Jup Fireworks" (пераможца фэсту ў Харватыі), славацкая "Pyro Moravia" (чэмпіён Еўропы па версіі EUFIAS і прызёр фэсту ў Чэхіі) і латвійская "Petarde" (прызёр фэстаў у Расіі ды Латвіі).

"Навальніца-2009" атрымала статус адборачнага этапу фэсту феерверкаў, які адбудзецца ў 2010 годзе ў Нямеччыне. Гэта права беларускія арганізатары атрымалі дзякуючы ўдалым выступам нацыянальнай каманды "Кальвін". У конкурснай праграме фэсту беларусы не ўдзельнічалі, аднак гледачы змаглі ўбачыць іх паказальныя выступы — так званы гранд-феерверк, які адзначыў закрыццё фэсту.