На Глыбоччыне гуляюць у “калгаснікаў” і “чэкістаў”

У Глыбоцкім раёне працягваецца сямейная гульня "Уладар сяла". Чарговы яе этап называўся "Хутарок". У адной з гаспадарак Глыбоччыны на два дні арганізавалі калгас часоў 30-х гадоў. Нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская стала сведкай, як супрацоўнік НКУС праводзіў “зачыстку”:

“У "праўленне калгаса" разам са "старшынём", "загадчыкам клуба" ды іншымі "службовымі асобамі" увайшоў… "супрацоўнік НКУС", які сачыў за тым, каб удзельнікі конкурсу не пранеслі на хутарок нічога такога, што нагадвала б аб сучаснасці.

"Чэкіст" пільна абшукаў усіх "хутаран", адабраўшы мабільнікі, сродкі асабістай гігіены, беларускія грошы, іншаземную валюту, ключы ад машын ды цыгарэты з фільтрам. Курыць мужыкам давялося выключна "Беламор".


На працягу двух дзён гульцы жылі так, як жылі тагачасныя сяляне – выразалі лыжкі з дрэва, хату асвятлялі газавай лямпай. Замест прызавых балаў журы выстаўляла ім "працадні".

Наступны этап гульні пройдзе у суботу, 6 кастрычніка. Гэта будзе кулінарны конкурс.