На Гомельшчыне навучэнец каледжа пакусаў міліцыянта

На Гомельшчыне 21-гадовы навучэнец Чырвонабярэжскага каледжа ўдарыў і ўкусіў міліцыянта, паведамляе БелаПАН.
Здарэнне адбылося 23 ліпеня ў гадзіну ночы на тэрыторыі рынка гарадскога пасёлка Карма. Нарад міліцыі адправіўся на рынак пасля сігналу аб тым, што маладыя людзі распіваюць там спіртныя напоі і парушаюць грамадскі парадак.

Пры затрыманні адзін з іх ударыў работніка міліцыі ў твар і ўкусіў у перадплечча. Супраць навучэнца распачата крымінальная справа за гвалт у дачыненні да работніка міліцыі. Маладзёну пагражае да 6 гадоў турмы.