На Гомельшчыне з-пад міліцэйскіх дамоў забралі ўчасткі

Гомельскі раённы суд на падставе пазову райвыканкаму адмяніў рэгістрацыю трох зямельных участкаў у пасёлку Перамога. Як паведамляе Радыё "Свабода", яны належалі цяпер ужо былому першаму намесніку абласнога пракурора Ўладзіміру Сарасеку і двум міліцэйскім начальнікам упраўлення ўнутраных справаў — Аляксандру Грыбу і Ўладзіміру Хамякову.  Рашэнне наконт рэгістрацыі зямлі прымаў Улукаўскі сельскі савет. Аднак, паводле Кодэксу аб зямлі, ён не меў на гэта права. Участкі знаходзяцца па-за межамі паселішча — на так званых землях запасу Гомельскага раёну.

Спецыялісты па зямельным заканадаўстве лічаць, што калі вырак суду набудзе моц, трэба будзе разглядаць пытанне пра незаконную будоўлю на згаданых участках. Тут ужо ўзведзеныя тры катэджы. Не выключана, што іх могуць знесьці альбо дадуць гаспадарам магчымасць нанова зарэгістраваць адабраныя ўчасткі.

У сваю чаргу, “пакрыўджаныя” могуць выставіць пазоў сельскаму савету, які, не маючы паўнамоцтваў, зарэгістраваў зямельныя ўчасткі.