На імпартны алкаголь увялі «сухі закон»

Імпартны алкаголь у Беларусь не пастаўляецца ўжо больш за месяц. Сітуацыя з ім, па звестках Інтэрнэт-выдання "Беларускія навіны", па-ранейшаму застаецца нявызначанай.  Над тым, хто стане спецімпарцёрам алкагольнай прадукцыі сёлета, ва ўрадзе думаюць ужо месяц. Планавалася, што адмыслова створаная міжведамасная камісія пад кіраўніцтвам віцэ-прэм'ера Андрэя Кабякова назаве імёны шчасліўчыкаў да 15 красавіка. Потым тэрмін адсунулі да канца месяца.

Нагадаем, што раней увозам імпартнага алкаголю займаліся каля 30 кампаній. Эксперты не выключаюць, што ўрад можа пайсці па шляху, пракладзеным на тытунёвым рынку: тут спецімпарцёр быў вызначаны ў асобе ўсяго адной арганізацыі — «Беларусьгандаль», падпарадкаванай Кіраўніцтву справамі прэзідэнта.

Цяпер удзельная вага імпартных паставак складае ўсяго 4,7% ад усёй алкагольнай прадукцыі на рынку Беларусі. Астатняя частка прыпадае на прадукцыю беларускай вытворчасці. Імпартуецца толькі спіртное, якое не вырабляецца ў краіне або вырабляецца ў недастатковай колькасці.