На "клан Дзямко" распачалі крымінальныя справы

Генеральная пракуратура распачала крымінальныя справы на старшыню Столінскага райвыканкаму Аляксея Дзямко і яго роднага брата Рыгора — былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі. Як нагадвае інтэрнэт-газета "Ежедневник", цікавасць да сям'і Дзямко з боку праваахоўных органаў выявілася выступу кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ўладзіміра Макея. Чыноўнік заявіў пра сямейнасць у дзяржорганах і арганізацыях практычна ва ўсіх рэгіёнах краіны, а самым негатыўным прыкладам назваў Столінскі раён. Там, па словах Макея, улада фактычна прыватызаваная сям'ёй Дзямко. Аляксей Дзямко ўзначальвае райвыканкам, яго сын — аддзел райвыканкама па справах моладзі, брат — былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў і старшыня назіральнай рады СПК "Фядорскі".

Справай "клана Дзямко"  занялося Галоўнае ўпраўленне барацьбы з арганізаванай злачыннасцю МУС і Генеральная пракуратура. Тым не менш да апошняга часу, як паведамляла Еўрарадыё, сям'я Дзямко працягвала працаваць на Століншчыне.  

Крымінальныя справы на братоў Дзямко былі распачатыя два тыдні таму, але інфармацыя пра гэта не распаўсюджвалася. Каментароў у Генпракуратуры не даюць, бо гаворка ідзе пра людзей, занесеных у кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы.

Паводле звестак "Ежедневника", старшыню Столінскага райвыканкама Аляксея Дзямко вінавацяць у злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, учыненым службовай асобай, якая займае адказнае становішча. Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Рыгора Дзямко, былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў, вінавацяць у перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненым асобай, якая займае адказнае становішча. За гэта таксама прадугледжваецца пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.