На конкурс на "Басовішча" не даедуць тры гурты з Беларусі

Заўтра на ўскрайку мястэчка Гарадок на Беласточчыне пачнецца традыцыйны фестываль музыкі маладой Беларусі "Басовішча". А сёння стала вядома, што не ўсе гурты-канкурсанты могуць патрапіць на фэст. Вось што кажа ў інтэрв'ю Еўрарадыё адзін з арганізатараў "Басовішча", кіраўнік Беларускага аб'яднання студэнтаў Радаслаў Дамброўскі:

"Могуць быць праблемы з канкурсантамі, некаторымі гуртамі. Гэта, вядома, з-за візаў".

Дамброўскі назваў гурты "Голая манашка" і брэсцкі "Іntra muros". Паводле звестак Еўрарадыё, такія ж праблемы з візамі ўзніклі і ў магілёўскага гурта "Хуткi Смоўж".

Радаслаў Дамброўскі кажа, што музыкі з аднаго са згаданых гуртоў яшчэ спадзяюцца на цуд:

"Сёння мне тэлефанавалі, запыталіся, ці няма нейкай магчымасці, каб праехаць... Я не зразумеў, ці без візаў праехаць, ці зрабіць ім візы за адзін дзень".