На матч мінскіх і маскоўскіх "дынамаўцаў" прадалі менш за палову квіткоў

Але ў мінскім хакейным клубе спадзяюцца на аншлаг. У ХК "Дынама" (Мінск) жыхароў Бабруйску заклікаюць набываць квіткі загадзя, бо ў горадзе працуюць толькі дзве касы. Пра гэта Еўрарадыё распавёў кіраўнік прэс-службы клуба Іван Караічаў. Караічаў: "У горадзе вялікая цікавасць. У Бабруйску не прынята набываць квіткі загадзя. Мы нават збіраемся рабіць адмысловую заяву для бабруйчан з просьбай набываць квіткі загадзя. Паказчык, што прадалі менш за палову квіткоў, – добры паказчык.  Мы не турбуемся і лічым, што на матчах з маскоўскім і рыжскім "Дынама" будзе аншлаг".

На гульню можна будзе трапіць на аўтобусах, якія паедуць ад мінскага Палаца спорту. Такую мажлівасць заўзятарам прадставіць ХК "Дынама".

Нагадаем, гульня мінскага "Дынама" з маскоўскім пройдзе 27 кастрычніка ў "Бабруйск-Арэне". Перанос гульні з Мінску ў Бабруйск звязаны з падрыхтоўкай "Мінск-Арэны" да дзіцячага "Еўрабачання"-2010. "Бабруйск-Арэна" змяшчае сем тысяч гледачоў.