На месцы аварыі трубаправода ў Дняпро паліва не можа патрапіць - МНС

Працягваецца ліквідацыя наступстваў прарыву трубаправода “Унеча-Роўна” на тэрыторыі Рэчыцкага раёна. Нагадаем, яна адбылася ўчора раніцай. Прарвала трубу, па якой дызельнае паліва ідзе з Расіі ва Украіну. У выніку, вылілася каля 70 кубаметраў паліва. Аднак насуперак некаторым прагнозам у Міністэрстве па надзвычайным сітуацыям кажуць, што Дняпру забруджванне не пагражае.

Вось што сказаў у інтэрв’ю Еўрарадыё прэс-сакратар МНС нашай краіны Віталь Навіцкі:

“Там ёсць пойменны вадаём, упрост на полі, непасрэдна там, дзе месца разліву. А ў Дняпро не могуць патрапіць. На месцы цяпер круглыя суткі вядуцца работы, працуе 56 адзінак тэхнікі, больш за 150 чалавек. Праводзіцца адкачка сумесі вады і нафтапрадуктаў”.

На дапамогу аварыйным брыгадам прадпрыемства “Транснафтапрадукт”, якому належыць трубаправод, і мясцовым сілам МНС з Мінску выехаў Рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння з аўтамабілем хімічнай абароны.

Паводле словаў Віталя Навіцкага, актыўная фаза ліквідацыі наступстваў аварыі мусіць быць закончана на працягу сутак.