На МКАД быў збіты супрацоўнік ДАІ
Следчыя праводзяць праверку па факце прычынення цялесных пашкоджанняў супрацоўніку дзяржаўтаінспекцыі.
У нядзелю, 2 жніўня, на 38-м кіламетры МКАД мінчанін на Opel Vectra збіў супрацоўніка ДАІ. Упраўленне Следчага камітэта (УСК) па Мінску высвятляе акалічнасці гэтага дарожна-транспартнага здарэння, паведамляе БЕЛТА.
З нагоды здарэння афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінску Аляксандр Герасімаў заявіў наступнае:
“Следча-аператыўная група падчас першапачатковых праверачных мерапрыемстваў на месцы здарэння ўстанавіла, што 2 жніўня каля 10:40 на 38-м кіламетры МКАД мінчанін 1991 года нараджэння, кіруючы машынай Opel Vectra, здзейсніў наезд на інспектара ДПС АДАІ Фрунзенскага РУУС, які выконваў службовыя абавязкі па забеспячэнні дарожнай бяспекі. Супрацоўнік міліцыі з траўмамі шпіталізаваны і знаходзіцца пад наглядам медыкаў”.
Следчыя апыталі кіроўцаў і відавочцаў дарожна-транспартнага здарэння. З месца здарэння канфіскаваны рэчавыя доказы, прызначаныя судова-медыцынская, аўтатэхнічная і трасалагічная экспертыза. Паводле вынікаў медыцынскага даследавання, кіроўца быў цвярозы. Праверка працягваецца.
Фота: minsknews.by