На Нёмане ў раёне Гродна пачалася навігацыя. Апошні раз?

На Нёмане ў раёне Гродна пачалася навігацыя. Сёлета гэта адбылося ў звыклы час. Але адмыслоўцы з Гродзенскага рачнога порта мяркуюць, што навігацыя 2010 года можа стацца апошняй на беларускім участку ракі. Справа ў тым, што вышэй і ніжэй за горад па плыні будуюцца дзве гідраэлектрастанцыі. Іх плаціны могуць перакрыць водны шлях, скараціўшы транспартны калідор напалову.

Гродзенскі рачны порт абслугоўвае 57 кіламетраў Нёмана. Летась яго караблі даставілі па розных адрасах больш за 350 тысяч тон грузаў.

Пацерпіць ад перакрыцця Нёмана і турыстычная індустрыя. Дабрацца на цеплаходзе з Гродна на Аўгустоўскі канал ці ў Друскінінкай у абыход ГЭС будзе немагчыма, піша газета "Беларусь Сегодня".