На падрыхтоўку Ліды да "Дажынак" выдаткавана 265 млрд рублёў

Такую лічбу (крыху менш за 90 млн долараў) агучыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юры Масквічоў у дакладзе прэм'ер-міністру. Як нагадвае БЕЛТА, акурат сёння Сяргей Сідорскі наведвае Ліду. Па словах гродзенскага чыноўніка, на 220 аб'ектах падчас падрыхтоўкі горада да свята працавалі 5 тысяч чалавек. У свой актыў чыноўнікі запісалі рэканструяваныя 29 вуліц, зробленую замену і мадэрнізацыю вадаправодных сетак. Мадэрнізаваныя і адрамантаваныя фасады 123 жылых дамоў.

Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама распавёў, што ў парадак прыведзеныя будынкі гатэляў, кінатэатра, ліцэя ды іншых аб'ектаў. Толькі на рэканструкцыю медычных установаў выдаткавана 16 млрд рублёў.

Адным з самых значных аб'ектаў у Лідзе лічыцца Лядовы палац. На яго пабудову выдаткавалі каля 38,5 млрд рублёў.