На песні Radiohead паставяць балет

Творчасць гурта Radiohead натхніла вядомага амерыканскага харэографа Стывэна Петронія пакласці музыку окфардскага квінцета ў аснову сваёй новай танцавальнай пастаноўкі. Балет пад назвай «Ride The Beast» можна будзе ўбачыць гэтым летам на театральных пляцоўках Шатляндыі ў межах фестывалю мастацтваў Edinburgh International Festival.

У балеце выкарыстоўваюцца рымэйкі песень Radiohead розных часоў. Пачынаецца дзея кампазіцыяй «Fitter Happier», затым на працягу пастаноўкі сустракаюцца яшчэ пяць песень Тома Йорка і кампаніі.

Паводле словаў самаго Петронія, «музыка Radiohead з’яўляецца цудоўным увасабленнем сучаснага хваравітага густу. Гэтыя хлопцы пішуць па-за стылямі і межамі, іх музыка патрабуе фізычнага адказу, няхай і ў такім незвычайным стылі як балет”.

Таксама Стывен прызнаўся, што “падчас стварэння пастаноўкі жыў песнямі Radiohead, і ўсё што трэба было рабіць – гэта проста працаваць з музыкай, якую любіш».

Дадам, што прэм’ерныя паказы балету «Ride The Beast» пройдуць на сцэне эдінбургскага Playhouse Theatre 18, 19 і 20 жніўня. Нагадаю, што Стывен Петронія і раней выкарыстоўваў у сваіх работах музыку сучасных аўтараў – Лу Рыда, Джэймса Лавэля і Руфуса Уэйнрайта.

Фота: www.malgorzata-cien.reaktywni.pl