На Піншчыне ў Калядную ноч згарэў пратэстанцкі храм

У вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна ў Калядную ноч згарэў малітоўны дом абшчыны Аб'яднанай царквы хрысціян веры евангельскай у Беларусі.
Пра гэта паведаміў пастар абшчыны Аляксандр Блышчык. Паводле яго слоў, пажар пачаўся ў паветцы, якая знаходзілася за некалькі метраў ад малітоўнага дома.

Пажарныя машыны, што прыбылі на месца здарэння, не змаглі справіцца з агнём з-за моцнага ветру, які імгненна ахапіў будынак. Падчас здарэння ніхто не пацярпеў.

У будынку была зала для набажэнстваў, пакоі для заняткаў нядзельнай школы і канцылярыя абшчыны. Як зазначыў Блышчык, вернікі гатовыя пабудаваць новы будынак храма і цяпер шукаюць для яго месца. Паводле інфармацыі пастара, мясцовыя праваахоўныя органы пачалі расследаванне па факце пажару.

БелаПАН