На Пружаншчыне разбіўся мотадэльтаплан

Мотадэльтаплан разбіўся 23 верасня на Брэстчыне. Здарэнне адбылося побач з вёскай Вялікія Яковічы Пружанскага раёна, перадае аддзел інфармацыі УУС Брэсцкага аблвыканкама. Катастрофа адбылася падчас вучэбна-трэніровачнага палёту.

Дэльтаплан, які належыць “Пружанскаму Авіяхімсэрвісу”, упаў у 1 кіламетры ад узлётна-пасадачнай паласы. Пілот застаўся жывы і са шматлікімі траўмамі дастаўлены ў лякарню. Праверку здарэння праводзіць транспартная пракуратура.

Нагадаем, 23 верасня на Брэстчыне адбылася яшчэ адна авіякатастрофа. Непадалёк ад Ганцавіч разбіўся вайсковы самалёт МІГ-29. Абодва пілоты коштам уласнага жыцця адвялі самалёт ад жылых дамоў. Па факце іх гібелі распачата крымінальная справа.