На “Славянскі базар” запрошаныя сабакі-сапёры

Кожная пляцоўка, на якой будзе праходзіць фестываль "Славянскі базар", перад правядзеннем канцэртаў ці іншых мерапрыемстваў будзе абследавана сапёрна-піратэхнічнай камандай са спецыяльна натрэніраванымі сабакамі.  Жыхарам і гасцям горада будуць раздаваць улёткі, у якіх расказваецца аб тым, што рабіць, калі вы заўважылі нешта падобнае да выбуховага прыстасавання і як пазнаць небяспечныя прадметы. Міліцыя сцвярджае, што мінскія падзеі 3 ліпеня не маюць дачынення да ўвядзення гэтых мер бяспекі, і ўлёткі былі раздрукаваныя значна раней, чым здарыўся выбух ў Мінску.

Начальнік віцебскай міліцыі Леанід Фармагей паведаміў, што да яго не паступала ніякай інфармацыі аб тым, што нехта рыхтуе падчас “Славянскага базару у Віцебску” нешта падобнае на тое, што адбылося ў беларускай сталіцы.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск