На Століншчыне прайшоў кірмаш рамёстваў (фота)

Кірмаш рамёстваў прайшоў учора ў вёсцы Гарадная, што на Століншчыне. Яму папярэднічаў двухтыднёвы міжнародны пленер ганчароў, на які прыехалі майстры з Даніі, Польшчы, Латвіі, Грузіі, Украіны, Расіі.
На роўных з прызнанымі мастакамі гліны на пленэры працавалі патомныя майстры з самой вёскі Гарадная. Амаль два тыдні ганчары паказвалі свае ўменьні, праводзілі майстар-класы, а ў дзень кірмашу ўрачыста дасталі з ганчарнай печы свае вырабы.

Замежныя госці выказвалі здзіўленне атмасферай аўтэнтычнасці, што прысутнічала на свяце. І з задавальненнем падкрэслівалі, што шмат чаму навучыліся ў палескіх ганчароў, якія адчуваюць гліну на генетычным ўзроўні.  
Адзначым, што калекцыі посуду, зробленыя падчас пленэру застануцца ў мясцовым музеі ганчарства.