На суботу ў краіне абвясцілі штармавое папярэджанне
На выходныя ў Беларусі чакаюцца складаныя ўмовы надвор'я. Пра гэта Еўрарадыё распавёў супрацоўнік Белгідраметэацэнтра Дзмітры Рабаў.
На суботу сіноптыкі абвясцілі штармавое папярэджанне. Кіроўцаў аўтамабіляў просяць устрымацца ад паездак ці быць вельмі ўважлівымі на дарогах. У нядзелю ўзмоцняцца маразы:
Рабаў: "У суботу нас чакаюць складаныя ўмовы надвор'я. Ноччу на большай частцы тэрыторыі снег, завіруха. У асобных раёнах наліпанне мокрага снегу, галалёд, на дарогах галаледзіца. На гэтыя ўсе небяспечныя неспрыяльныя з’явы выпісана штармавое папярэджанне. Тэмпература паветра ўначы -5…- 12, удзень -3…-10. Па паўночным заходзе ноччу і зранку каля 0, удзень -2…-5. У нядзелю чакаецца ўзмацненне маразоў. Тэмпература паветра ўначы -13…-20, пры праясненнях да-23…-25. Пры гэтым пераважна без ападкаў. Ноччу і зранку месцамі туман і імжа".
Рабаў кажа, што ў панядзелак яшчэ захаваецца марознае надвор’е. Начная тэмпература будзе ад -8 да -25, удзень ад 0 да -10. З аўторка маразы пачнуць змяншацца. Пры гэтым на большай частцы Беларусі чакаюцца ападкі – снег, месцамі з дажджом. Месцамі будзе галалёд і галаледзіца на дарогах.