На сваім “дні народзінаў” імяніннік зарабіў каля 3 тысяч долараў

Хлопец запрасіў на свята музыкаў з Мінска і прадаваў гасцям квіткі. Але міліцыянеры і суд такога падыхода да святкавання дня народзінаў не зразумелі.  Днямі суд Івацэвіцкага раёна пакараў штрафам у памеры 700 тысяч рублёў месцовага жыхара Віталя Грыгорчыка. Па інфармацыі СМІ, пакаралі хлопца нібыта за святкаванне дня народзінаў. Дакладней, за яго маштаб — каля 400 гасцей сабраліся на беразе ракі Шчара, а забаўлялі іх музыкі пяці сталічных гуртоў.

Вось толькі, як патлумачыў Еўрарадыё суддзя Івацэвіцкага раённага суда Аляксандр Кірыловіч, які разглядаў гэтую справу, за тое, каб патрапіць на “дзень народзінаў” госці павінны былі заплаціць 20 тысяч рублёў. Ды і дзень народзінаў у яго быў 22 чэрвеня, а не 10 ліпеня, калі праходзіла мерапрыемства.

Аляксандр Кірыловіч: “Чалавек не атрымаў дазволу і правёў мерапрыемства гэта пад выглядам, як ён потым апраўдваўся, што ў яго нібыта быў дзень народзінаў. Хаця апублікаваў аб’яву ў інтэрнэце, што будзе  праводзіцца дыскатэка. Запрасіў гурты розныя з Мінска: “По глазам”, Лёша Ліп, “Дыверсант 13”, “Дзі Эсмеральдо”, “Дзядзюшкін сон”. Выставіў біліцёраў і кожны, хто ўваходзіў, плаціў па 20 тысяч. Штампы ставілі на руку — “Дыскатэка “Чыстае паветра”. І ўсё — забраў грошы, а раніцай усе раз’ехаліся”.

Па словах суддзі, арганізатар “дня народзінаў” тлумачыў на судзе, што грошы, якія плацілі людзі на ўваходзе, гэта была не плата за квіткі, а яму на падарунак. Усяго, па падліках міліцыянераў, на падарунак “накідалі” шчодра — каля 8 мільёнаў рублёў.

Пакараць імянінніка за нзаконную прадпрымальніцкую дзейнасць суд не меў права. Па словах Аляксандра Кірыловіча, да крымінальнай адказнасці па гэтым артыкуле можна прыцягнуць толькі пры наяўнасці рэцыдыва — калі б Грыгорчык не першы раз так адзначыў свой дзень народзінаў. І, кажа суддзя, прымусіць арганізатара мерапрыемства вярнуць грошы людзям, няма магчымасці.

Аляксандр Кірыловіч: “Ён сказаў, што гэта яму падарунак! І каму ён верне? Ён арганізаваў усё гэта для таго, каб зарабіць, я так лічу. Калі людзі і з горада, і з навакольных вёсак прыязжалі як на дыскатэку і плацілі за мерапрыемства, то каму ён будзе вяртаць?!”.

Калі з 8 мільёнаў, атрыманых арганізатарам з квіткоў, адняць магчымую арэнду апаратуры і суму штрафа, то атрымліваецца, што Віталь Грыгорчык сапраўды нядрэнна зарабіў за адзін вечар. Пляцоўка на беразе ракі яму нічога не каштавала, міліцыі, пажарным, дактарам, якія павінны прысутнічаць на масавых мерапрыемствах, таксама плаціць не давялося. Нават музыкі выступалі бясплатна. Больш за тое, як паведаміў Еўрарадыё выканаўца Лёша Ліп, іх ад пачатку запрашалі выступіць не на дні народзінаў, а на дыскатэцы.

Лёша Ліп: “Нам казалі, што гэта будзе дыскатэка з удзелам музыкаў. Што гэта дзень народзінаў — мне пра гэта дакладна не казалі. Мы ж музыкі, што Лёша Ліп, што “По глазам”. Мне патэлефанавалі, паколькі я вяду ўсе гэтыя дыскатэчныя справы, запрасілі і мы пагадзіліся. І паехалі мы бясплатны іграць. Справа ў тым, што ў нас ганарар вялікі, такое мерапрыемства яго не пацягне. І мы пагадзіліся проста паехаць адпачыць”.

Па словах Лёшы, музыкі былі ўпэўненыя ў тым, што мерапрыемства “афіцыйнае” і што арганізатары атрымалі ўсе неабходныя дазволы на яго правядзенне.

Калі быць шчырым да канца, то дзень народзінаў у той дзень на беразе ракі Шчэры адзначалі. Вось толькі мясцовы жыхар Віталь Грыгорчык да яго не мае ніякіх адносінаў. Музыкі віншавалі з нараджэннем вакалістку гурта “По глазам” Стасю.

Лёша Ліп: “Быў дзень народзінаў у Стасі з “По глазам”. І мы вырашылі паехаць адыграць канцэрт і ціхенька сесці яго адзначыць. Тым больш, што гэта былі выходныя”.

Стася вельмі негатыўна паставілася да таго, што арганізатара “адпачынка” на беразе Шчары пакаралі праз суд і ён меў праблемы з міліцыяй. Але прызнала, што запрашалі іх не на дзень народзінаў, а на дыскатэку і што выступалі яны бясплатна.

Стася: “Мне вельмі спадабалася гэта мерапрыемста, яно было вельмі нефармальнае, нейкае нават сямейнае. Я не ведаю, атрымлівалі яны дазвол ці не — гэта не мае праблемы. Я гэтым не цікавілася. Але мы там выступалі бясплатна. Нам стварылі ўсе ўмовы для адпачынка, для таго, каб мы выступілі перад людзьмі і грошай нам за гэта не плацілі”.

Стася кажа, што не важна — прадавалі арганізатары квіткі на дыскатэку ці не. Музыкам галоўнае, каб такіх мерапрыемстваў было як мага больш. Каб можна было выступаць. Вось толькі кожная праца павінна аплачвацца. Арганізатар дыскатэкі Віталь Грыгорчык на ёй зарабіў, а вось Стася і астатнія музыкі не атрымалі нічога, акрамя задавальнення.

А міліцыя — праблем. Як паведамілі Еўрарадыё ў Івацэвіцкім РАЎС, вынікам “дня народзінаў” сталі некалькі боек, крадзяжы мабільных тэлефонаў і затрыманыя шэсць чалавек за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане.

Атрымаць каментар ад Віталя Грыгорчыка па выніках арганізаванага ім мерапрыемства не атрымалася.