На сямнаццаты "Сігет" разам з "Ляпісамі" па-ска-ка-лі!

Толькі што ў Будапешт адправіўся "Сігет"-экіпаж Еўрарадыё! Да канца тыдня сачы за цікавосткамі з фестывальнага вострава: "Мьюзы", "Айран Мэйданы" і нават "Ляпісы" — усе будуць там. Яшчэ некалькі  гадоў таму Еўрарадыё было ледзь не адзіным медыя-рэсурсам з Беларусі, якое ездзіла на "Сігет", і ледзь не адзінымі беларусамі, якія даплывалі да сярэдзіны Дунаю ў пошуках музыкі і прыгодаў. А сёння, у 2010, нас ужо — раць!

З Мінску адправіўся “музычны аўтобус” з 50 беларускімі фестывальшчыкамі. А самыя спрытныя прыедуць адразу на галоўную сцэну фэсту — гэта "Ляпіс Трубяцкой", якія сёлета прэзентуюць актуальную беларускую музыку сусветным фэстаманам. Дарэчы, выступаць "Ляпісы" будуць на адной сцэне з "Айран Мэйдэн", "Папа Роўч", "М'юз", "Фэйтлэс"...

Вядома, Еўрарадыё не збіраецца заставацца каля галоўнай сцэны. У нашых планах аббегчы як мага больш іншых сцэн і пляцовак, творчых груп і тусовак. Балазе на "Сігеце" іх не бракуе. Свае тыднёвыя праграмы падрыхтавалі бубначы з усяго свету, афрыканскія і бразільскія танцоры, трансвестыты і геі, дыджэі і віджэі, вулічныя тэатралы і перфамансёры, і нават сацыяльныя актывісты.

Глядзі поўны расклад "Сігету"

Еўрарадыё абяцае не выпускаць з рук дыктафоны і фотакамеры! Цэлы тыдзень, з 10 па 16 жніўня, слухайце жывы эфір Еўрарадыё і сачыце за нашай "Сігет"-старонкай.

Расклад жывых уключэнняў з "Сігету" з 11 па 15 жніўня:
10:15
19:15
22:15

Будзь з намі!

Фота: Таранціна