На ўчастку Раманчука 30% выбарцаў прагаласавалі датэрмінова
Кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук прагаласаваў а 12-й у Мінску на ўчастку №76 Савецкага раёна.
Разам з ім на ўчастак прыйшлі старшыня АГП Анатоль Лябедзька і вялікая колькасць журналістаў, пераважна — з польскіх медыяў.
Раманчук быў у добрым гуморы. Ён прагаласаваў за сябе — “самага вартага кандыдата”. На ўчастку Яраслаў Чэслававіч выпадкова сустрэўся са сваёй суседкай знізу — жанчынай сталага веку, якая таксама не хавала, што галасавала за Раманчука.
Тым часам, прыкладна 1/3 выбарцаў на ўчастку Яраслава Раманчука прагаласавала датэрмінова, распавяла Еўрарадыё старшыня ўчастковай камісіі Наталля Шапавалава:
Наталля Шапавалава: “Прыходзіла галасаваць моладзь з інтэрнату, вельмі актыўна. Недзе 400 маладых людзей было за гэтыя дні. І людзі сталага веку таксама прыходзілі. Датэрмінова прагаласавала недзе 535 чалавек, а ўсяго ў нас на ўчастку на дадзены момант 1540, спісы ўдакладняюцца”.
Неўзабаве чакайце на Еўрарадыё фота- і аўдыёрэпартаж з участка, дзе галасаваў Яраслаў Раманчук.