На Віцебшчыне будуць вешаць нумары на вазы

Віцебскія даішнікі збіраюцца павесіць нумары на ўсе вазы ды іншыя віды гужавога транспарту. Пранумаруюць як тыя вазы, што належаць прадпрыемствам, так і тыя, што знаходзяцца ў прыватнай ўласнасці.  Раз на год ўладальнікі калёсаў павінны будуць прыганяць свае транспартныя сродкі на тэхагляд. Атрымаць нумар і прайсці тэхагляд можна будзе бясплатна ў раённых аддзелах ДАІ.

А вось выдаткаў на новы праект амаль не будзе. Эканомныя даішнікі не збіраюцца вырабляць нейкія адмысловыя дзяржнумары для вазоў. Выкарыстоўваць будуць… часовыя транзітныя нумары, якія аўтаўладальнікі здаюць пры рэгістрацыі ў ДАІ. Кажуць, іх шмат там сабралося, хопіць і на вазы, і на карэты, а калі спатрэбіцца – дык і на валакушы.