На вуліцу імя Геніюш у Зэльве няма грошай

Чыноўнікі Гродзенскага аблвыканкама адмовіліся пераймяноўваць вуліцу Савецкую ў Зэльве ў вуліцу імя Ларысы Геніюш. Як адзначыў у сваім лісце супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкаму Я.Жабрун, "у апошні час у Гродзенскай вобласці перайменаванне вуліцаў у гарадах і вёсках амаль не практыкуецца". Чыноўнікі заявілі, што існуюць юрыдычныя нязручнасці пры перарэгістрацыі, паведамляе сайт "Маладога Фронту". Перайменаванне патрабуе сродкаў, не запланаваных у раённым бюджэце. Акрамя таго, маўляў, з'яўляюцца цяжкасці ў працы паштовых аддзяленняў.

Як раней паведамляла Еўрарадыё, жыхары вуліцы Савецкай сабралі 173 подпісы за перайменаванне.

Цяпер маладафронтавец Яўген Скрабутан, ініцыятар перайменавання, хоча высветліць, колькі грошай трэба, каб пакрыць выдаткі на перайменаванне вуліцы. У залежнасці ад сумы, магчыма, распачнецца збор сродкаў.