На выхадных у Беларусі пацяплее, але з панядзелка - "халодны душ"

Пацяпленне, якое цяпер прыходзіць у Беларусь з Заходняй Еўропы, закончыцца ўжо ў пачатку наступнага тыдня. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтру Вольга Фядотава:

"У бліжэйшыя выхадныя дні на тэрыторыю Беларусі пачнуць паступаць больш цёплыя паветраныя масы з заходняй Еўропы. Але ўвогуле надвор'е чакаецца няўстойлівае. Месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, якія будуць суправаджацца навальніцамі".


Уначы з пятніцы на суботу чакаецца 3..10 градусаў цяпла, удзень 17 траўня ад 16 да 21 градуса, а на поўдні краіны - да 23 вышэй за нуль. Яшчэ больш цёпла стане ў нядзелю. Дзённая тэмпература паветра складзе 19-26 градусаў, а на поўдні нават да 28 цяпла.

Аднак, паводле словаў Вольгі Фядотавай, на наступным тыдні нас чакае "халодны душ":

"Пацяпленне, якое чакаецца ў выхадныя дні, хутка зменіцца пахаладаннем. Таму лета пакуль не ўступіла ў свае правы".


Ужо ў панядзелак тэмпература паветра зноў панізіцца і складзе ўдзень 12..18 градусаў, а на паўночным захадзе не вышэй за 9..11. У ноч на аўторак на поўначы Беларусі магчымы слабыя замаразкі - да 2-х градусаў ніжэй за нуль.