На выходныя ў Беларусі пацяплее

Сакавік ужо заканчваецца, аднак вялікая частка Беларусі яшчэ ляжыць пад снежным полагам: вышыня яго вагаецца ад 1 да 18 см. У раёне Мсціслава зранку 25 сакавіка вышыня снежнага полага складала 34 см, і толькі ў шэрагу паўднёвых раёнаў Брэсцкай і Гомельскай абласцей снега ўжо няма.  У бліжэйшыя дні захаваецца ўмерана халоднае надвор'е. Уначы будзе ад 2 да 8 градусаў марозу, пры распагоджанні — да мінус 10-13 градусаў. Удзень тэмпература паветра складзе ад 2 градусаў марозу да 6 градусаў цеплыні. Ападкі магчымыя толькі ў асобных раёнах.

У выходныя пацяплее. У начны час тэмература наблізіцца да нуля, толькі на поўначы краіны ў ноч на суботу будзе невялікі мароз. Удзень — 2...9 градусаў вышэй за нуль, у Брэсцкай і Гомельскай абласцях паветра прагрэецца да 11 градусаў. Аднак пры гэтым будзе парывісты паўднёва-ўсходні вецер і дождж.

Пацяпленне захаваецца 30-31 сакавіка і ў першыя дні красавіка.

БЕЛТА